ШЧУ́ЧЫНСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры ранняга класіцызму ў г. Шчучын Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. паводле праекта арх. дэ Фленерса ў парку рэгулярнай планіроўкі (садавод С.​Юндзіл). Належаў падскарбію літ. Шчуку, з пач. 19 ст. — кн. Друцкім-Любецкім. Будынак мураваны, сіметрычнай кампазіцыі, прамавугольны ў плане, 2-павярховы, на высокім цокалі. У цэнтры больш нізкая ч. з мансардай, вырашаная ў выглядзе лоджыі з 2 іанічнымі калонамі, па баках — 2-павярховыя аб’ёмы, раскрапаваныя пілястрамі. Фасады па перыметры завершаны развітым карнізам і парапетам з атыкам у цэнтры. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены сандрыкамі.

Шчучынскі палац.

т. 17, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)